Божае Нараджэнне 2021. Пастырскае Слова. Бп Аляксандр Кашкевіч

Поділитися
Вставка
  • Опубліковано 22 гру 2021
  • Умілаваныя ў Хрысце Пану Браты і Сёстры,
    дарагія Вернікі нашай дыяцэзіі!
    Углядаючыся ва ўбогую бэтлеемскую стаенку, у чарговы раз знаходжуся разам з Вамі ў радасным здзіўленні, што Усемагутны Бог стаў Дзіцём і менавіта такім дае нам сябе пазнаць. Ён прыходзіць у свет як слабы, безабаронны Бог-Чалавек, якому патрэбна апека. Прыходзіць канкрэтна да нас, хоча быць намі прыняты і пасяліцца між намі (параўн. Ян 1, 14).
    З нагоды свят Божага Нараджэння жадаю ўсім дарагім дзецям, любай моладзі, клапатлівым сужэнцам, людзям, закранутым хваробай і цярпеннем, а таксама кожнаму з Вас адкрыць зноў, што найвялікшым шчасцем для чалавека з’яўляецца клопат пра - часамі такую крохкую - прысутнасць Бога ў нашым жыцці і разуменне, што Яму ў дапамогу патрэбны нашы рукі і вусны, наша чулае сэрца і наш час, каб Нараджэнне Любові магло перамяніць нас і жыццё нашых блізкіх.
    У нашы складаныя і неспакойныя з многіх прычын часы няхай святкаванне Божага Нараджэння будзе для нас усіх выклікам і заахвочваннем да дзейнасці дзеля супольнага дабра, да размовы, поўнай павагі, да прабачэння і станаўлення па-над усялякімі спрэчкамі і непаразуменнямі, якія - у святле Пана, які прыходзіць, - здаюцца неістотнымі.
    Няхай гэта будзе час адкрыцця годнасці кожнай асобы, да чаго нас нястомна заклікае папа Францішак, “бо нельга патрабаваць павагі да сябе самога без павагі да іншых; нельга атрымліваць, калі адначасова не хочам даваць”.
    Няхай гэта будзе час адзінства, любові, надзеі і дабрыні ў кожнай сям’і, нашым грамадстве і краіне, бо сёння Бог аб’яўляецца ў Чалавеку.
    Хацеў бы пажадаць, каб новы год, які прыходзіць, прынёс толькі добрыя дні, пачуццё бяспекі і ўпэўненасць, што Божая Любоў спадарожнічае ўсім тым, хто на яе спадзяецца. Каб гэта быў год, поўны добрых хвілін і добрых людзей вакол.
    На час супольнага святкавання, актаву Нараджэння Пана і ўвесь год Панскі 2022 ад усяго сэрца Вас бласлаўляю!

КОМЕНТАРІ •