#Глуск
Вставка
- Опубліковано 22 гру 2024
- kultura-info.b...
#Гісторыя народнага вакальнага ансамбля “Крынічанька” з #Глускага раёна налічвае ўжо паўстагоддзя. У рэпертуары калектыву - старажытныя беларускія песні, кампазіцыі ў апрацоўках сучасных музыкантаў. Чым сёння жыве гурт, расказала кіраўніца Алена Матусевіч.
Алена Мікалаеўна ў калектыве з 2001-га. На пасаду хормайстра яна прыйшла па размеркаванні пасля заканчэння Магілёўскага вучылішча культуры. Ужо тады “Крынічаньку” ведалі не толькі ў раёне, але і за яго межамі. Вакалісты працавалі ў эстрадным і акадэмічным напрамках.
Малады спецыяліст з хваляваннем пачынала працу са знакамітым гуртом, што мае вялікі досвед выступленняў. Алене Мікалаеўне здавалася, што ёй няма чаму навучыць артыстаў. Маўляў, тыя ведаюць значна больш, чым учарашняя выпускніца, якая, да таго ж, вучылася па спецыяльнасці “народныя спевы”. Аднак усё атрымалася інакш. Пакрысе ўзялі новы курс. Ад старых песень не адмаўляліся, але паступова пераходзілі да народнай вакальнай музыкі. У рэпертуары з’яўлялася ўсё больш фальклорных матываў - у апрацоўцы і а капэла.
Яркія вакальныя дадзеныя, працаздольнасць, самааддача, захопленасць, актыўнасць - усё гэта стварае непаўторнае аблічча “Крынічанькі”. У калектыве займаюцца восем чалавек ад 30 да 52 гадоў. Спяваюць як работнікі культуры, так і прадстаўнікі іншых прафесій. Прыкладам, выхавальнік дзіцячага садка і нават швачка. Большасць удзельнікаў - аматары. Далучыцца да гэтай кампаніі можа любы ахвотны. Галоўнае мець музычны слых і голас.
Першапачаткова гурт выступаў пад акампанемент баяна, але з прыходам новага спецыяліста Аляксандра Голуба з’явілася свая інструментальная група. Да баяна дадаліся цымбалы, балалайка, барабан, бас-балалайка.
Строі “Крынічанькі” - таксама плён сумеснай творчасці. Прыдумвалі ўсе разам. Першы камплект выкананы чырвона-зялёна-белым, у колерах, што сімвалізуюць Беларусь. Другі - сіне-белы. Такое спалучэнне ўмоўна абазначае чысціню. Дый назва калектыву мае глыбокае значэнне. “Крынічанька” - гэта ключык, зусім маленькі ручай, які ніколі не спыняецца і пастаянна напаўняецца свежай вадою. Так і калектыў - заўсёды ў пошуку, у рупнай працы па адраджэнні народных песень і бытавых танцаў.
Ансамбль пастаянна ўдзельнічае ў раённых мерапрыемствах. Дажынкі, Купалле, Масленіца… У пачатку чэрвеня запусцілі чэлендж “Пра цябе, мая Глушчына” да 100-годдзя раёна. “Крынічанька” далучылася да ініцыятывы сярод першых.
Летась калектыў выступіў на рэспубліканскім фестывалі-кірмашы народных рамёстваў “Вясновы букет” у Мінску, рэгіянальным фестывалі “Кліч над Вольсай” у Клічаве, абласным фестывалі-кірмашы “Дажынкі” ў Хоцімску. Самадзейныя артысты выконвалі свае творы нават на конкурсе “Частушкі бяспекі” Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Журы ацаніла намаганні дыпломам другой ступені.
У наступным годзе калектыву давядзецца пацвердзіць званне “народны”. Артысты рыхтуюцца да адказнай падзеі. Акрамя таго, працуюць над новай праграмай да юбілею. Сёлета гурту 50. Мяняліся кіраўнікі, удзельнікі і акампаніятары, а “Крынічанька” ўсё гэтак жа працягвае спяваць і дарыць радасць людзям.
Ганна САКАЛОВА